У Гародні ўзгадалі паркі беларускіх сядзібаў



Публічную лекцыю для гарадзенцаў “Паркі беларускіх сядзібаў: гісторыя страчанага” правяла  даследчыца сядзібных паркаў Яна Марчук.

P1190810

Стаўшы магістрам праграмы “Захаванне гістарычных паркаў і культурных краявідаў” ва ўніверсітэце Бата, што ў Вялікай Брытаніі, яна спадзяецца, што ўжо наспеў час аднаўляць сядзібныя паркі ў нашай краіне.

Паводле яе меркавання, Беларусь багатая на мясціны, звязаныя з паркамі, якіх за ўсю гісторыю было каля тысячы:

– Цікаўнасць ёсць. І гэта вельмі прыемна. Людзям цікава ведаць пра разнастайнасць нашых палацаў і паркаў, стылі, цікавіць гісторыя гэтых мясцін. Я была вельмі рада, што мне сустрэлася такая аўдыторыя. Варта і можна шмат чаго пераняць, бо ўсе мы вучымся ў тых, хто разумнейшы за нас і больш дасведчаны.

Яна Марчук спадзяецца, што беларусы будуць пераймаць большы досвед Вялікай Брытаніі ў захаванні гістарычных паркаў. Яна была аўтаркай праекта аднаўлення парка – элемента замкавага комплексу ў Любчы, што ў Наваградчыне. Як яна паведаміла, пакуль працы па аднаўленні самога парку ў гэтым месцы яшчэ не пачатыя.

Якуб Сушчынcкі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара