У Гародні ўзгадаюць Юрыя Гуменюка
Сябры і калегі па вершаваным слове ўзгадаюць 21 студзеня гарадзенскага паэта і журналіста Юрыя Гуменюка.
Юры Гуменюк трагічна загінуў 19 студзеня 2013 года, выпаўшы з дзявятага паверха інтэрната па гарадзенскай вуліцы Сухамбаева, што знаходзіцца побач з ягоным домам.
Беларускі паэт, празаік, паланіст Юры Гуменюк быў сябрам Таварыства вольных Літаратараў, Саюза Беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра, супрацоўнічаў з нашым радыё.
Гарадзенскія грамадскія актывісты і журналісты падзяліліся сваімі ўспамінамі пра Юру Гуменюка,
Віктар Сазонаў:
— Для мяне Юрка Гуменюк быў надзвычай арыгінальным чалавекам, вельмі добрым знаёмым, своеасаблівым чалавекам, які меў сваю лінію паводзінаў, свае погляды на свет, які не хаваў свае погляды на свет. А галоўнае, што гэта быў чалавек, які прапагандаваў беларускае слова.
Эдвард Дмухоўскі:
— Юркі Гуменюка вельмі не хапае ў гэтым горадзе, бо ён быў неад’емнай часткай гэтага горада і ствараў вобраз гэтага горада. Ён быў сапраўдным гарадзенцам.
Гарадзенцы ўзгадаюць Юру Гуменюка на могілках, дзе ён пахаваны.
Беларускае Радыё Рацыя