У Гародні – вялікі фэст “Мяжа”
Фэст сярэднявечнай культуры „Мяжа” праходзіць у гарадзенскім Каложскім парку. На пляцоўцы недалёка ад старажытнай Каложы адбываюцца двубоі рыцараў, можна патрэніравацца ў стральбе з луку ці набыць цікавыя рэчы ў рамеснікаў.
Распавядае рэжысёр фэста Васіль Калач:
– На гэтым фэсце найбольш цікавым была, канешне, бітва пяцёрак. Азартнае спаборніцтва, калі пяць здаравенных мужыкоў у жалезе лупяць зброяй іншых пецярых здаравенных мужыкоў у жалезе. Выключна эксклюзіўнае шоу ад Лігі вольных стралкоў з Менску. Гэта трукавое шоу па стрэлах з луку. Паўгадзіны такога азарту і натхнення, такога больш няма нідзе ў Беларусі. Гэта адзіны клуб, які робіць нейкія акрабатычныя моманты і трукавыя стрэлы.
На фэст прыехалі рамеснікі з усёй Беларусі, якія прапануюць цікавыя прадметы са скуры альбо дрэва, а таксама цікавыя вышыванкі, альбо магніты:
Распавядаюць рамесьнікі:
– На гэтым фэсце ў мяне тэкстыльныя вырабы з нашым беларускім арнаментам. З мятлікамі беларускімі, нават з васількамі. Гэта футалары для тэлефонаў, для планшэтаў.
– Мяне завуць Мікіта. Мы прадстаўляем кампанію „Маланка фэмілі мэйд”. Прывезлі на гэты фэст нашыя фірмовыя рэчы – гэта завушніцы з дрэва, бранзалеты.
Увечары 15 чэрвеня ўсіх гарадзенцаў і гасцей, што прыйдуць на фэст “Мяжа”, чакае вякікі канцэрт сярэднявечнай музыкі і танцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня