У Гародні выдалі буклет пра апошнія шэсць дзён жыцця Стэфана Баторыя
Апошнія дні караля Баторыя апісаныя ў новым буклеце ад выдавецтва «ЛітАРы». Ён выйшаў з друку ў студзені 2022 у Гародні. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «11:27».

Укладальнікі буклета — гарадзенскія гісторыкі Аляксандр Хацько і Васіль Герасімчык. Усю працу яны выканалі яшчэ ў лістападзе 2021 і планавалі выдаць буклет да дня смерці Баторыя 12 снежня. Але з-за занятасці не паспелі.

Памер выдання невялікі – усяго 16 старонак з ілюстрацыямі. У ім змешчаны перакладзены на беларускую мову і адаптаваны для сучаснага чытача тэкст, аўтарам якога быў, верагодна, лекар Якуб Гаслаўскі. Лекар быў у атачэнні манарха і пасля смерці караля апісаў яго апошнія дні, сімптомы, ход хваробы і ўскрыццё цела.

Калі буклет будзе карыстацца попытам, то ўкладальнікі плануюць зрабіць серыю такіх выданняў пра ўсіх манархаў, звязаных з Гародняй. Таксама ў больш далёкіх планах гісторыкаў – кніга пра жыццё караля Баторыя ў Гародні, піша Hrodna.life
