У Гародні выйшаў расейска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслінаў
Расейска-беларускі слоўнік-даведнік лекавых раслінаў выйшаў у выдавецтве гарадзенскага дзяржаўнага універсітэту. Яго аўтары – Віктар і Арцём Варанцы. Слоўнік адлюстроўвае ўласна беларускія назвы зёлак, якія цяпер растуць у нашай краіне.
У выданні апісаныя каля чатырох сотняў беларускіх раслінаў. А агулам у слоўніку назвы пяціста зёлак, ягадаў і пладоў. Кніга аздоблена каляровымі ілюстрацыямі раслінаў.
Пра неабходнасць суаўтарства з сынам кажа выкладчык універсітэту, філолаг Віктар Варанец:
– Паколькі ў мяне няма медыцынскай адукацыі, то я на сябе такую смеласць не мог узяць – дакладнасць інфармацыі пра лекавыя здольнасці той ці іншай расліны. А Арцём Варанец – ён урач, ён псіхіатар-нарколаг. Менавіта з пункту гледжання ўрача прафесіянала ён стаў кансультантам гэтага матэрыялу. Бо пасля яго прагляду спакайней выдаваць у свет, таму што ўсё ж такі гэта прагледзеў урач.
Так павялося, што афіцыйная медыцына ставілася да народнай медыцыны, як да шарлатанства, дзе зёлкам і лячэнню зёлкамі не давалася месца. Але слоўнік з беларускімі назвамі заўсёды цікавіў не толькі філолагаў, але і аматараў жывога беларускага слова.
– Доўгі час не выдавалася ніякіх выданняў, не рабілася ніякіх даследаванняў. Утварылася такая незанятая ніша, якую трэба было камусьці запоўніць. Можа я першы, хто ўзяўся, але я ўпэўнены і нават ведаю, што думка пра стварэнне такога слоўніка даўно вітае сярод філолагаў, і калі б не з’явілася зараз кніжка, то з’явілася б у другога аўтара ў бліжэйшы час.
Слоўнік-даведнік прайшоў рэцэнзаванне і з’яўляецца вучэбным выданнем для студэнтаў спецыяльнасцяў „Лячэбная справа”, „Педыятрыя”, „Медыка-дыягнастычная” і „Медыка-псіхалагічная” справы. Набыць кніжку будзе магчыма ўжо ў снежні ў шапіку навучальнай установы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара