У Гародні выстаўляюцца найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі



У Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця адкрылася міжнародная выстава World Press Photo-2019. На ёй магчыма пабачыць вынікі штогадовага конкурсу «Сусветнае прэс-фота», які сёлета ладзіцца 62-гі раз.

Пра асаблівасці выставы распавядае прадстаўніца беларускай каманды арганізатараў Юлія Дарашкевіч:

– На ўваходзе мы можам бачыць і можам абмяркоўваць выставу, якая звязаная з мігрантамі. Гэта дзіця з маці – выява, якая абляцела ўвесь свет. Калі іх раздзялілі на мяжы, дзіця плача, безумоўна, гэта вельмі кранальна. І вось гэты фотаздымак прагназавана ўвайшоў у топ і абляцеў увесь свет. Тэмы таксама фактычна кожны год паўтараюцца. Гэта нейкія агульныя навіны, гэта доўгатэрміновыя праекты. Тут ёсць і спорт, і навакольнае асяроддзе, і праблемы экалогіі.

На думку гарадзенскага фатографа Сяргея Саковіча на гэтай выставе шмат вайны і крыві:

– Уражанні вельмі моцныя. Вельмі моцныя здымкі, вялікі рэспект усім фатографам, якія зрабілі іх. Што на мой погляд адрознівае гэтую выставу ад іншых: на гэтай выставе вельмі шмат тэмаў, прысвечаных ваенным канфліктам. На мой суб’ектыўны погляд, мабыць, крыві стала на здымках болей. Не ведаю, гэта плюс ці мінус, але, прынамсі, такое ўражанне ў мяне склалася.

Выстава ў Гародні арганізаваная пры фінансавай падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве. Яе магчыма будзе пабачыць да 29 жніўня 2019 года.

Беларускае Радыё Рацыя