У Гародні – выстава месяца фатаграфіі



У „Цэнтры гарадскога жыцця” ў Гародні адкрылася выстава, прысвечаная месяцу фатаграфіі. На выставе паказаныя некалькі дзясяткаў працаў самых вядомых у Беларусі фатографаў Валерыя Лабко, Андрэя Лянкевіча, Сяргея Кажамякіна, Сяргея Лескеця, Максіма Сарычава, Юрыя Васільева, Ігара Саўчанкі і іншых. Выставы месяца фатаграфіі – гэта 16 выставаў на 10 пляцоўках у 4 гарадах Беларусі, 11 майстар-класаў, лекцыяў і прэзентацыяў з удзелам замежных і беларускіх спікераў.

 

Што аб’ядноўвае гэтыя працы, распавядае кіраўнік праекта “Месяц фатаграфіі” Андрэй Лянкевіч:

– Усе выставы падфарматаваныя пад тэму “калектывізацыя”, таму што і 100 год рэвалюцыі ў гэтым годзе, і тэма калектыўнай працы, калектывізацыі ў фатаграфіі і ў мастацтве вельмі важная. Людзі аб’ядноўваюцца ў калектывы, працуюць разам. І ў гэтым годзе мы вырашылі паразважаць на тэму “калектывізацыі”. Разглядаем з двух асноўных бакоў: першае, гэта калектыўная праца і таму гэта праца калектыву фатографаў, якія прыехалі ў гэтым годзе таксама з Польшчы і з Ізраіля. Што тычыцца іншага боку, гэта праца з архівамі, калектыўнай памяццю. І атрымліваецца, што калектыў людзей працуе над зборам калектыўных фатаграфічных твораў.

На думку гарадзенскага фатографа Аляксандра Саенкі, выстава ў Гародні мае свае адметнасці:

– Фатаграфія ў Беларусі важная, бо яна папулярызуе нашую адметнасць, адкрывае аўтараў і збірае калекцыю. І каб людзі, калі будзе створаны мультымедыйны музей фатаграфіі, маглі бачыць усё ў цэлым. Гэтая выстава для мяне вельмі важная, бо я тут магу бачыць усе новыя павевы беларускай фатаграфіі, якія існуюць на сённяшні дзень.

Пабачыць працы лепшых беларускіх фатографаў, якія спрыялі развіццю фатаграфіі як асобнага віда мастацтва, а таксама значна паўплывалі на інстытуалізацыю беларускай фатаграфіі, магчыма ў Гародні да 30 верасня.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя