У Гародні зачынілася творчая пляцоўка „Партал”
У Гародні тайм-кавярня і творчая пляцоўка „Партал” зачынена. На вуліцы Вялікая Траецкая гэтая ўстанова была вядомая многім гарадзенцам па разнастайных імпрэзах. Яна давала прытулак розным творчым установам, якія шукалі памяшканне для заняткаў, інтэлектуальнага адпачынку, культурных сустрэчаў. Зачыніць пляцоўку давялося з-за ціску з боку УЖРЭПа, які разарваў дамову арэнды памяшкання. А падтэкстам да драматычных падзеяў стаў дзень страйку 26 кастрычніка.
Кажа былы гаспадар „Парталу” Іван Пятушок:
– Сказалі, каб напісаў тлумачальную, чаму я не працаваў у гэты дзень. Мы сказалі, што добра, напішам. Але літаральна праз дзень нас апавясцілі, каб мы прыйшлі і забралі паперы аб скасаванні дамовы і цягам трох дзён з’ехалі з арэндаванага памяшкання, бо мы парушылі ўмовы дамовы арэнды. Яны яе могуць разарваць у аднабаковым парадку. Было відавочна бачна, што гэта было наўпрост звязана з нашым страйкам, таму што да гэтага было ўсё добра на працягу 5 год.
На апошнюю імпрэзу, якая была праведзена – гэта начная гульнятэка, прыйшло вельмі шмат людзей, каб рублём падтрымаць пляцоўку, якая змяняе фармат сваёй працы. „Мы не знікаем, праводзім мерапрыемствы, але на розных іншых пляцоўках”, – запэўнівае Іван Пятушок.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя