У Гародні запрашае “Кінемо”
Паглядзець ангельскае і амерыканскае кіно пачатку ХХ стагоддзя, паслухаць музыку сучасных музыкаў з Польшы і Беларусі можна на фэсце нямога кіно “Кінемо”. Паказы ладзяцца штовечар а 22-й гадзіне з 8 па 10 ліпеня ў дворыку гарадзенскага Музея рэлігіі. Фэст адбываецца трэці год запар і збірае некалькі соцен аматараў такога мастацтва. Пра ідэю мерапрыемства расказвае адна з яго арганізатарак Марына Буткевіч:
– Жаданне спалучыць кіно і музыку заўсёды было ў нас, таму што мы кантактавалі з музыкамі-аматарамі кіно. Еўрапейскі прыклад, відаць, нам стаў узорам, таму што ў Еўропе такія фестывалі вельмі папулярныя. Кіно паказваецца пад адкрытым небам з аркестрамі. З прычыны таго, што ў нас гэта цяжка зрабіць на адкрытым паветры з аркестрам, то мы робім гэта ў малым складзе.
Віталь Эпаў: – Я адзін з арганізатараў музычнай часткі фестывалю. Па-першае, мы хочам летам неяк ажывіць гарадскую прастору, каб горад пачынаў жыць. Сёлета нам удалося польскіх музыкаў запрасіць.
Першым фільмам, які паказалі гарадзенцам, быў амерыканскі фільм жахаў 1925 году – “Прывід оперы”. Арганізатарамі фэсту з’яўляецца праект Cinema-scope, Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў і Гарадзенскі дзяржаўны Музей гісторыі рэлігіі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя