У Гародні завяршаецца фэст арганнай музыкі
Больш двух тысяч чалавек на працягу тыдня наведалі канцэрты першага міжнароднага фестывалю арганнай і камернай музыкі “Ars organi Grodnensi”.
Ініцыятыва евангелістычна–лютэранскай суполкі Гародні была падтрымана некалькімі заходнімі фондамі, што і дало магчымасць арганізаваць цікавае мерапрыемтва, з дапамогай якога горад над Нёманам мае шанец пераўтварыцца ў сталіцу арганнай музыкі краіны.
Як зазначае пастар лютэранскай царквы Святога Яна Уладзімір Татарнікаў, фестываль паказаў, што арганная і камерная музыка карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада:
– У гэты час праходзіць “Славянскі базар” і людзі выбіраюць нашу класічную арганную музыку, чым папулярную музыку ці эстрадную музыку – гэта было вялікім здзіўленнем. Мы думалі, што на канцэрты нават двухгадзінныя ці нават чатырохгадзінныя, у рабочыя дні будзе вельмі мала людзей. Як паказаў досвед, практыка сённяшняя, што зал перапоўнены, то бок людзі патрабуюць такога кшталту музыкі, патрабуюць такога кшталту фестывалю.
Сёння, у апошні дзень фестывалю, адбудзецца 3 канцэрты. А 14, 16 і 18 гадзінах у гарадзенскай кірсе арганіст Міхаіл Мішчанка, альтыст Барыс Барынаў і Арцём Ісаеў прэзентуюць гледачам праграму, якая складаецца з твораў як класікаў, так і сучасных кампазітараў. Майстар пантанімы Багдан Каралёк аздобіць выкананне арганнай музыкі сваім выступам.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня