У Гародні ўзгадвалі Ігната Абдзіраловіча (абноўлена)



Адкрытая лекцыя Паўла Баркоўскага прайшла ў памяшканні гарадзенскай арт-галерэі „Крыга” пад назвай „Мінулае і будучыня Беларусі: Запавет Ігната Абдзіраловіча.”

Гэта першая лекцыя пра спадчыну беларускага філосафа. Цэлы шэраг лекцыяў, прысвечаных Абдзіраловічу мае прайсці ў некаторых гарадах Беларусі, якія прачытаюць іншыя аўтары з Лятучага Універсітэту.

P1220094

Кажа Павал Баркоўскі:

— Гэта частка больш маштабнага праекта, звязанага з ушанаваннем памяці такога выбітнага мысляра, як Ігнат Абдзіраловіч ці Ігнат Канчэўскі. Пяць лекцыяў, і Гародня —  адно са шчаслівых месцаў, куды патрапілі лектары. Я тут прэзентую сваю лекцыю пра Абдзіраловіча. Таксама лекцыі будуць чытацца ў іншых гарадах Беларусі. Так выйшла, што зварот да спадчыны Ігната Абдзіраловіча гэта наўмысны крок, бо фактычна з яго пачынаецца традыцыя мясцовага мыслення.

Па завяршэнні лекцыі, прысутныя гарадзенцы падключыліся да дыскусіі: на чым мусіць базавацца нацыянальная тоеснасць беларусаў і якія каштоўнасці неабходна захаваць беларусам праз дзесяцігоддзі.

***

Філосаф пачатаку 20-га стагоддзя з’яўляецца пачынальнікам самастойнай беларускай інтэлектуальнай традыцыі. “Лятучы ўніверсітэт” ладзіць серыю лекцыяў у розных гарадах Беларусі, прысвечаных спадчыне Абдзіраловіча. Чытаць іх будуць сучасныя мысляры.

Першая лекцыя пачнецца ў Гародні ў галерэі “Крыга” 17 снежня. Прамаўляць будзе Павал Баркоўскі. Лектар лічыць, што Абдзіраловіч першым у Беларусі зрабіў футуралагічны прагноз, які праявіўся ў дзьвюх асноўных ідэях:

– Ён першым у Беларусі зрабіў тое, што можна назваць футаралагічным прагнозам. Ён не толькі разглядзеў актуальныя моманты геапалітычнай сітуацыі, але і прапанаваў некаторыя шляхі развязання таго, што на яго погляд будзе актуальным для развіцця Беларусі ў будучыні.

Калі адзін лектар залічвае Абдзіраловіча да футуролагаў, то другі – Ігар Бабкоў – да метафізікаў.

– Ён стварае тое, што можна назваць беларускай метафізікай. Ён выскоквае за часава-прасторавыя абмежаванні і гаворыць пра тып мышлення, які можа быць пакладзены ў аснову тутэйшай прасторы.

Лекцыя Ігара Бабкова пра Ігната Абдзіраловіча пройдзе ў суботу, 19 снежня, у Гомелі ў тайм-кафэ “ФЛЭТ”. Пачатак а 18.00. Уваход вольны. За анонсы далейшых лекцыяў можна сачыць на сайце “Лятучага ўнівэрсытэту” – fly-uni.org.

Беларускае Радыё Рацыя