У Гародні знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава
У Гародні знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава, на якіх выяўлены аднапалчане і падзеі 1943-1945 гадоў. Малюнкі захоўваліся ў асабістым архіве Івана Глухава, гарадзенскага журналіста і ветэрана вайны.
Пра гэта паведамляе выданне hrodna.life са спасылкай на допіс у Фэйсбуку даследчыка Сяргея Шапрана. Раней лічылася, што арыгіналы франтавых малюнкаў пісьменніка згарэлі. Знойдзеныя малюнкі – гэта арыгінальныя копіі чатырох апублікаваных у 1970 годзе франтавых малюнкаў.
Мастацкія замалёўкі, зробленыя, як мяркуецца, рукой Быкава, выявіў у хатнім архіве Івана Глухава протаіерэй Андрэй Яварэц з Гарадзенскай Уладзімірскай царквы. З сынам Глухава Валянцінам айца Андрэя пазнаёмілі парафіяне. Айцец Андрэй паказаў малюнкі Сяргею Шапрану, даследніку літаратуры і біёграфу Васіля Быкава. «Пра тое, што такія малюнкі некалі былі, ведаў даўно, але не спадзяваўся адшукаць арыгіналы», – паведаміў Сяргей Шапран.
