У Гародні з’явілася бібліятэчка альманаху „Новы Замак”



Першай кнігай серыі стаў зборнік Самсона Пярловіча – паэта, ахвяры сталінізму, беларускага патрыёта з Наваградка – „Такі непаўторны сусвет”.

У зборнік увайшлі таксама публікацыі літаратараў Гарадзеншчыны, якія згадваюць асобу і час змагання і пакутаў Самсона Пярловіча, які, як і Ларыса Геніюш, аказаўся нязломным у адстойванні беларускай нацыянальнай ідэі.

Кажа Валянцін Дубатоўка, старшыня абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў:

– Калі ён напісаў супраць Сталіна, то Цанава захацеў пабачыць спачатку гэты верш, а потым гэтага чалавека. Яго прывезлі ў Менск, каб паказаць Цанаву, хто ж такі смелы хлопец, які супраць Сталіна напісаў верш. Уяўляеце, якая сітуацыя. Гэтую кнігу ўкладаў Янка Траццяк, галоўны рэдактар нашага альманаху і галоўны рэдактар і ўкладальнік гэтай кнігі. Збіралі матэрыялы ўсе нашыя пісьменнікі Гарадзеншчыны. Тут матэрыялы і Сяргея Чыгрына, і Святланы Абдулаевай, і шмат хто яшчэ даваў матэрыялы.

Кніга Самсона Пярловіча, як і чарговы нумар часопісу „Новы Замак”, будуць прэзентаваны 23-га сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця, па гарадзенскім адрасе: вуліца Кірава дом 3.

Кніга Самсона Пярловіча выйшла малым накладам, і набыць яе можна будзе ў Гародні і Наваградку, дзе пройдуць прэзентацыі. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя