У Гародні з’явіцца памятная шыльда Чэславу Неману
Памятная шыльда музыку Чэславу Выдрыцкаму, вядомаму пад артыстычным псеўданімам Чэслаў Неман, будзе ўсталявана ў Гародні. Шыльду ўсталююць на ўваходзе былой музычна-педагагічнай вучэльні, што на рогу вуліцаў Кірава і Леніна. Шыльда ўжо гатовая. Кажа аўтар, скульптар Уладзімір Панцялееў:
– Партрэт вылепіў. Пасля фота адсылаў у пасольства, а яно ўжо адсылала яго жонцы ў Варшаву. Быў мандраж, увесь дзень мы чакалі вынікаў, што яна скажа. Калі б яна сказала, што не падобны, то ўсё сарвалася б і трэба было працягваць працаваць далей. Але жонка дала згоду, сказала, што ёй падабаецца.
Сама шыльда выканана з італьянскага мармуру. Надпісы па-беларуску і па-польску.
На адкрыццё шыльды, якое запланавана на 6-га чэрвеня ўвечары, маюць прыехаць маршалак польскага Сената Станіслаў Карчэўскі і старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Адкрыццё шыльды прымеркавана да правядзення XXII беларуска-польскага эканамічнага форуму „Добрасуседства 2019”, які мае прайсці 6-7 чэрвеня ў Менску.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара