У Гародню завітае кінафестываль Watch Docs
У Гародні ўпершыню адбудуцца паказы фільмаў Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно па правах чалавека Watch Docs. Фестываль праводзіцца ў Польшчы 15 гадоў, гэта адзін з самых старых і самых вялікіх фестываляў дакументальнага кіно ў свеце.
Пра будучыя паказы распавядае каардынатар фестывалю ў Гародні Вольга Галецка:
— У гэтым годзе мы вырашылі прывезці яго ў Гародню. Тут ён будзе праходзіць цягам 6 дзён: з 12 па 17 снежня. Штодня будзе можна паглядзець адзін дакументальны фільм, прысвечаны вельмі розным тэмам: будзе пра правы жанчын, пра вайну ў Чачні, пра вайну ва Украіне, а таксама пра экалогію, пра сталых людзей будзе добры фільм польскай рэжысёркі.
Месцам паказу фільма ў Гародні стануць розныя месцы гораду – гэта грамадскае аб’яднанне „Цэнтр „Трэці Сэктар”, Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых „Студыя карысных кампетэнцый”, а таксама бар “Несцерка”, што знаходзіцца ў самым цэнтры горада.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
