У Гарошкаве адбудзецца свята паэзіі
У Гарошкаве, што на Гомельшчыне, адбудзецца свята паэзіі.
Мерапрыемства прысвечанае памяці Анатоля Сыса. Традыцыйна свята паэзіі ладзіцца на падворку роднай хаты паэта. У гэты дзень у вёску Гарошкаў з’язджаюцца пісьменнікі, паэты, барды, палітыкі. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч гаворыць, што лёс надзяліў Анатоля Сыса высокім талентам, але кароткім жыццём.
— Вельмі цэльнае, вельмі напоўненае, вельмі насычанае жыццё, але занадта кароткае. І мабыць лёс кампенсаваў яму тым, што даў верных сяброў, якія не забываюць яго праз гады, якія прыязджаюць да яго на радзіму. У мінулыя гады мы прыязджалі ўвосень і бывала, што якраз у гэтыя дні прыходзіла зіма, і таму не раз былі размовы пра тое, што варта перанесці свята на іншую дату, бо, па вялікім рахунку, не важная дата — важная памяць.
Да 2016 года свята паэзіі праходзіла ў апошнія дні кастрычніка. Аднак летась было вырашана праводзіць мерапрыемства ў траўні.
Беларускае Радыё Рацыя