У Германавічы з’едуцца аматары бульбы і народнай музыкі
На „Бульбяны фэст” у Германавічы, што ў Шаркоўшчынскім раёне Віцебскай вобласці, запрашаюць усіх аматараў страў з бульбы і народнай музыкі. Імпрэза адбудзецца 12 жніўня а 14 гадзіне на пляцоўцы каля Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Ладзіць мерапрыемства грамадская актывістка Ада Райчонак разам са сваімі сябрамі.
Кажа Ада Райчонак:
– Шаноўнае спадарства! Запрашаю вас на „Бульбяны фэст”, які адбудзецца ў Германавічах. Уваходны білет – прыгатаваная страва з бульбы. Я вас чакаю. Таксама будзем бліны пячы, юшку варыць, бульбу пячы. І будзе канцэртная праграма. Я думаю, што цікава будзе.
Гэта ўжо будзе трэці па ліку “Бульбафэст” у Германавічах. Кожны год ён праходзіць цікава, весела і разнастайна разам з музыкамі, літаратарамі, мастакамі і грамадскімі актывістамі. І гэты раз арганізатары абяцаюць незабыўную праграму.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара