У гэтым годзе плануюць аднавіць сядзібу Рушчыцаў у Багданаве
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення культуры Менскага аблвыканкама Вольга Юркевіч.
Паводле Юркевіч, варшаўскі фонд імя Фердынанда Рушчыца ўжо падрыхтаваў план поўнага аднаўлення маёнтка.
– Таксама ў планах у нас за кошт сродкаў польскага фонда аднавіць сядзібу Фердынанда Рушчыца ў Валожынскім раёне. У наступным годзе як раз 150-годдзе мастака. Таму спадзяемся, што гэты план рэалізуецца. Ужо польскі бок рыхтуе праект аднаўлення сядзібнага комплексу, таму спадзяемся, што ў нас усё атрымаецца.
У Багданаве, што пад Валожынам, у 1870 годзе знаны мастак Фердынанд Рушчыц нарадзіўся, тут жа і сыйшоў у вечнасць у 1936-ым. У сядзібе жыў стала апошнія чатыры гады – гэты перыяд даследчыкі лічаць найбольш плённым у яго творчасці. У ліпені 1944 года усе сядзібныя пабудовы згарэлі.
Беларускае Радыё Рацыя