У Глыбокім адкрылася выстава “Шляхамі Язэпа Драздовіча”



“Шляхамі Язэпа Драздовіча” – выстава, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці. На ёй прадстаўлена каля трыццаці карцін сябраў Беларускага саюза мастакоў. Частку з іх мастакі напісалі падчас сёлетняга пленэру на Глыбоччыне, другая частка была выкананая раней.

Як кажа старшыня творчай суполкі “Пагоня” Ігар Марачкін, за ўвесь час існавання арганізацыі мастакі напісалі ўжо не адну сотню карцін, прысвечаных Язэпу Драздовічу. Іх большая частка напісаная на Віцебшчыне.

– Да дня народзінаў Язэпа Драздовіча мы прымеркавалі правесці пленэр. Звычайна гэты пленер праводзіла Ада Элеўна кожны год. Кожны год мы ўдзельнічалі. Але па нейкіх абставінах у гэты год не змагла яна яго правесці. Таму мы, не тое што перахапілі ініцыятыву, бо мы заўсёды былі з ёй разам, побач, і дапамагалі ў стварэнні гэтых пленэраў. Сёлета мы вырашылі самастойна сіламі суполкі “Пагоня” правесці гэты пленэр. Удзельнікі пленэра – гэта сябры суполкі. У нас налічваецца каля 50 сяброў суполкі “Пагоня”.

На выставе прысутнічалі мастакі з Менску, Полацка, Глыбокага, Шаркоўшчыны. Таксама на імпрэзе зачыталі пасланне да наведвальнікаў выставы ад сваячкі Язэпа Драздовіча з Польшчы Бажэны Карчэўскай.

Глыбокае – гэта першы горад, дзе прайшла выстава. Падобная экспазіцыя карцін не выстаўлялася нідзе, нават у сталіцы. У Глыбокім яна будзе працаваць месяц з 8.00 да 17.00, акрамя суботы і нядзелі.

Цалкам матэрыял:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя