У Глыбокім прайшоў “Альгердаў шлях”
“Альгердаў шлях” – свята для дзяцей і моладзі пад такой назвай зладзіў у Глыбоцкім Доме рамёстваў метадыст гэтай установы, майстар па дрэве Віктар Дудкевіч.
Ён запрасіў ваярскі гістарычны клуб “Гівойт” разам з музыкам-дударом з Менску. Яны распавялі пра сярэднявечныя часы, далі паказальны бой і правялі майстар-клас па сярэднявечных танцах.
Як кажа Віктар Дудкевіч, вельмі важна, каб дзеці з маленства ведалі сваю беларускую гісторыю і маглі бавіць час у нацыянальных традыцыях:
– Зладзілі такое свята, каб паказаць нашую гісторыю, навучыць любіць Радзіму. У нас вельмі шмат традыцый. Таксама мы хацелі паказаць, як можна цікава бавіць час.
Падчас свята прысутныя дзеці спаборнічалі на мячах, стралялі з лука, танчылі сярэднявечныя танцы разам з рыцарамі і бацькамі, а таксама ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах. Скончылася мерапрыемства агульным пачастункам ля вогнішча і ўручэннем падарункаў.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтара