У Глыбокім прайшоў „Вішнёвы фэст”
„Вішнёвы фэст” завершыўся ў Глыбокім. Апошні дзень пачаўся, як звычайна, з дэгустацыі страваў з вішні і святочным шэсцем па горадзе, а закончыўся феерверкам.
Новым у праграме апошняга дня стаў конкурс „А гармонік грае, грае”. У ім прынялі ўдзел як жыхары раёна, так і госці з Латвіі і Грузіі.
У гэтым годзе, як зазначылі некаторыя з наведвальнікаў, зменшылася ўжыванне беларускай мовы на свяце, але ўсё ж яна яшчэ прысутнічала, у адрозненне ад святаў у іншых гарадах.
– Прыемна тое, што большасць падворкаў і сімволіка фестывалю зробленыя па-беларуску. Ад Глыбокага ідзе пачуццё добрага, хатняга, сапраўды беларускага. З гэтага фэста робіцца брэнд, але брэнд не напышчаны, а хатні, прыязны да людзей.
– Уражанні прыемныя. Горад чысты, акуратны. Людзі добразычлівыя, прыемна здзівіла тое, што няма п’яных, хоць стаяць падворкі і палаткі, дзе прадаюць напоі.
На гэты раз „Вішнёвы фэст” прыпаў на час паспявання вішняў, таму ахвотныя маглі набыць вішні па 250 -300 тысяч беларускіх рублёў за вялікае вядро.
Таксама можна было паспрабаваць і набыць вырабы з вішняў ад прадпрыемстваў горада і на сельскіх панадворках.
Парадавалі наведвальнікаў фэсту сваімі тэматычнымі вырабамі і рамеснікі.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтара