У Глыбокім распачаўся “Дударскі рэй” 



У Глыбокім распачаўся “Дударскі рэй”  –  трэці міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў на Глыбоччыне. У ім удзельнічаюць дудары з Польшчы, Македоніі, Харватыі ды Беларусі. Адкрыўся фэст абыграннем помнікаў на Алеі славутых землякоў Глыбоччыны.

Як адзначыў галоўны арганізатар фэсту Віталь Воранаў, сёлета гледачоў сабралася больш, чым у мінулыя гады. На адкрыццё фэсту ў Глыбокае завіталі жыхары горада, госці з іншых гарадоў Беларусі, Латвіі, Расеі ды нават Японіі. Некаторыя з іх выказалі свае ўражанні ад убачанага:

– Мне цікава гісторыя, як з’явілася беларуская нацыя. І неад’емнай часткай беларускай нацыі ў культурным плане з’яўляецца нацыянальная музыка, а ў музыцы, зразумела, наша нацыянальная дуда. І мне цікава было паслухаць і іншыя славянскія народы, каб параўнаць і яшчэ раз зразумець, што нашыя народы роднасныя ў культурным плане.  

– Вельмі ўсё спадабалася. Я прыязджаю ўжо другі раз. Такія музыкі! Два гады таму мы былі  і зараз бачым, што ўсё стала яшчэ прыгажэй.

– Збіраюся быць тры дні. Гэта ўнікальная рэч. Таму,  сябры, слухачы „Радыё Рацыя”, жыхары Беларусі, трэба быць нелянівымі і цікаўнымі, каб прыязджаць на нашыя адметныя фестывалі. Гэта ж велічэзная каштоўнасць!

“Дударскі рэй” на Глыбоччыне будзе доўжыцца з 3 па 5 траўня. Падчас фэсту пройдуць выступы дудароў у Глыбокім, Падсвіллі, Плісе і Удзеле. Дудары разам з глыбоцкім народным тэатрам фальклору “Цярэшка”  зладзяць і танцавальную вечарыну традыцыйных танцаў удзельнікаў фэсту.

А завершыцца фэст гала-канцэртам і выступам дудароў у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя