У Глыбоцкім музеі адкрылася выстава жывапісу Фёдара Ястраба
Выстава жывапісу Фёдара Ястраба адкрылася ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі. Падчас імпрэзы супрацоўнікі музея знаёмілі прысутных і з некаторымі санетамі мастака, якіх ён напісаў перад смерцю каля тысячы. Тры выдадзеныя зборнікі ягоных санетаў можна было набыць, тым самым ахвяраваць грошы на ствараемы музей у гонар мастака і паэта.
Фёдар Ястраб пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Ён прыняў удзел больш чым у ста міжнародных замежных, рэспубліканскіх і групавых выставах, быў аўтарам і куратарам звыш 70 маштабных мастацкіх праектаў, правёў 12 асабістых выстаў.
Кажа яго жонка Арына Ястраб:
— Нізкі паклон і шчырая падзяка Глыбоцкаму выканкаму, супрацоўнікам музея, якія вырашылі на малой радзіме Фёдара Ястраба стварыць ягоны музей-галерэю. Я была ля гэтага будынка, які выдзелілі на вуліцы Леніна, 14. На жаль, пакуль не хапае сродкаў скончыць рамонт унутры, але знешне будынак ужо вельмі прыгожы, стаіць у прыгожым месцы. Побач парк, возера — цэнтр горада. Я ўяўляю сабе колькі людзей прыйдзе туды, каб дакрануцца да творчасці Фёдара Ястраба, калі ўсё будзе зроблена. Ягоная аўра, ягоная душа будзе лунаць у гэтых сценах.
У Глыбокім плануецца адкрыць музей мастака ў адным з гістарычных будынкаў, зараз ідзе збор сродкаў на яго адкрыццё. Выстава ж у Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі будзе доўжыцца два тыдні.
Фёдар Ястраб нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне, кіраваў галерэйна-выставачным аддзелам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. З’яўляўся сябрам Беларускага саюза мастакоў. Выкладаў ва Ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Памёр ва ўзросце 61 года два гады таму ад рэдкай невылечнай хваробы цэнтральнай нервовай сістэмы.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтара