У Гомелі адбылася прэзентацыя кнігі пра дзяячку БНР Палуту Бадунову
Прэзентацыя кнігі пра народнага сакратара БНР, адну з лідараў партыі беларускіх эсэраў Палуту Бадунову прайшла 23 сакавіка ў грамадска-палітычным цэнтры „Палеская, 52” у Гомелі. Кніга гісторыка Валянціны Лебедзевай заснаваная на архіўных і дакументальных матэрыялах, праілюстраваная здымкамі. Выданне „Пакліканая свабодай…” надрукаваў грамадска-палітычны цэнтр за свае сродкі на прыватным абсталяванні, яно прымеркаванае да 100-годдзя абвяшчэння БНР.
На прэзентацыі прысутнічалі прыблзіна 50 чалавек. Пра працу над кнігай, адметнасці асобы Бадуновай расказала аўтар.
Лебедзева звярнула ўвагу, што Бадунова вызначалася сваёй ідэйнасцю, ахвярнасцю, адукаванасцю, усе свае сілы аддавала адраджэнню Беларусі. „Палітыка лічыцца бруднай справай, а Бадунова была крыштальнай сумленнасці, крыштальна бездакорны чалавек”, — зазначыла яна.
Працу над кнігай (а гэта дапоўненае выданне) Лебедзева пачала яшчэ ў 1990-х, калі ўдалося прачытаць справу Бадуновай у архіве КДБ, да гэтага дадалася праца ў іншых архівах. Цяжкасці былі ў тым, што дакументаў захавалася надзвычай мала. Мала дапамаглі і знойдзеныя сваякі дзяячкі БНР. Бадунова не мела мужа і дзяцей, але засталіся яе пляменнікі — у яе было пяцёра братоў і сясцёр. Адна з пляменніц памятала сваю цётку. З дзіцячых успамінаў засталося, што Палута размаўляла з фікусам і на здзіўленыя позіркі дзяўчынкі адказала, што фікус — таксама жывая істота. Знайшліся пры працы над кнігай і іншыя сваякі, якія жылі ў Гомелі. Але яны мала што ведалі пра Бадунову. Калі ж Лебедзева дала ім пачытаць свой нарыс (у 1990-х гадах), то яны „з цяжкасцю разабралі беларускую мову”, хоць і былі адукаваныя людзі.
„Яны сказалі, што не разумеюць, чым увогуле яна займалася, на што яна паклала сваё жыццё. Вось такія дзівы. Не першы раз я сутыкаюся, калі нашчадкі беларускіх дзеячаў трымаюць дыстанцыю да іх, не разумеюць, дзеля чаго людзі паклалі сваё жыццё”, — дадала Лебедзева.
Яна расказала, што продкі Бадуновай пайшлі ад беглага казака Бадуна і прыгоннай сялянкі. У Беліцы (сучасны мікрараён Гомеля Навабеліца) быў даволі разгалінаваны клан Бадуновых. Палута скончыла настаўніцкую семінарыю, працавала дзесяць гадоў, а потым падалася атрымліваць адукацыю ў Петраград. Яна мела літаратурныя здольнасці, пісала вершы, п`есы і эсэ.
У лютым 1917 года ад імя слухачак Петраградскіх вышэйшых жаночых курсаў яна становіцца дэпутатам Петрасавета, а на працягу 1917—1919 гадоў уваходзіць у склад усіх без выключэння кіруючых органаў нацыянальнага руху: ЦК Беларускай сацыялістычнай Грамады, Цэнтральнай і Вялікай беларускіх рад, Рады і Народнага сакратарыята БНР, ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Народнай рады БНР, Паўстанцкага антыпольскага камітэта. У складзе Народнага сакратарыята БНР Бадунова займала пасаду народнага сакратара па справах апекі.
Нядоўгі жыццёвы шлях Бадуновай скончыўся расстрэлам — спачатку бальшавікі прысудзілі ёй дзесяць гадоў лагераў, затым, у 1938 годзе, яна атрымала новы прысуд — смяротнае пакаранне. Была рэабілітаваная ў 1989 годзе.
25 сакавіка кнігу пра Бадунову прэзентуюць у Чарнігаве (Украіна) на пасяджэнні круглага стала „Адраджэнне незалежнасці Беларусі і Украіны: гістарычныя паралелі”, які арганізуюць фонд „Вольныя людзі” і Інстытут рэгіянальных даследаванняў.
belapan.by