У Гомелі адраджаюць вулічны тэатр



Гомельскія паэты ў супрацы з тэатральнай майстэрняй „Сляды” адраджаюць вулічны тэатр. Рэжысёры аматарскіх спектакляў выкарыстоўваюць для сваіх пастановак класічныя сюжэты, разбаўленыя тэкстамі мясцовых паэтаў. Паводле аднаго з удзельнікаў тэатральнага праекта Дзмітрыя Новікава, творчы эксперымент гомельцаў ацаніла не толькі мясцовая публіка, але і заўважыла французскі крытык Фларыяна Габер:

– Людзі, якія займаюцца тэатрам, вельмі пазітыўна ацэньваюць нашыя намаганні. У Віцебску да нас падышла Фларыяна Габер, парыжанка, яна, напэўна, адзіны крытык вулічнага тэатра. Гэта чалавек, які займаецца ягонай гісторыяй. Яна сказала, што нашае выступленне – гэта вяртанне да каранёў вулічнага тэатра, таму што мы працавалі з вершамі, у нас няма акрабатаў, фаершчыкаў ці цыркавых элементаў.

У канцы ліпеня акцёры з тэатральнай майстэрні „Сляды” прэзентавалі перад гомельцамі праграму пад назвай „Паэты і тэатр. Гуляем у Шэкспіра”. Спектакль прайшоў у прысутнасці некалькіх дзясяткаў гараджанаў на аўтамабільным паркінгу ля аднаго з супермаркетаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота tvrgomel.by