У Гомелі ажанілі Комін



У філіяле Веткаўскага музея зладзілі абрад пераходу ад сельскагаспадарчых прац у дом, а таксама сакральнага запальвання святла ў хаце. Пасля Жаніцьбы Коміна ўсе працы адбываліся ў хаце. Загадчык філіяла Пятро Цалка распавёў пра акалічнасці свята.

Праца і Комін – гэта нявеста і жаніх, якіх жэняць тут. Вось такая мяжа часу. Адзін час мы павінны завязаць з іншым. Па традыцыі Жаніцьбай Коміна адкрывалі сезон вечарын. Мы пераходзілі з вуліцы ў хату, сонца там ужо менш, а тут будзе святло грэць. Пачыналіся вячоркі, звязаныя з рукадзеллем, танцамі. У тым ліку да Калядаў трэба было перазнаёміцца ўсім, каб вяселле згуляць ужо пасля.

Этнограф Алена Ведзь заўважае, што падчас вечарын без працы моладзь усё роўна не сядзела.

– На вечарынках не сядзелі проста і балбаталі. Дзяўчыны ткалі, хлопцы маглі нешта выразаць, нават тыя ж цацкі. Дзеці маглі бегаць, рабіць нейкія лялькі з анучы. Маці прыходзілі і прыглядалі нявестак, займаліся вязаннем, шыццём і г.д. Была тая праца, якая абсалютна працай не лічылася: гэта ты не працуеш, а адпачываеш.

У філіяле Веткаўскага музея правялі абрад паводле традыцыяў Лельчыцкага і Жыткавіцкага раёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель