У Гомелі прэзентавалі фільм „Рэпрэсаваная архітэктура”



Каля сотні гомельцаў завіталі на курсы “Мова Нанова”, каб паглядзець прэм’ерны паказ дакументальнага фільм пра рэпрэсаванага архітэктара Станіслава Шабунеўскага.

У стужцы апавядаецца пра біяграфію і найбольш значныя праекты гомельскага дойліда, які паспеў папрацаваць у некалькіх рэгіёнах Беларусі і памежных раёнах цяперашніх Украіны і Расеі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

Гомельскі палітык Васіль Палякоў называе сенсацыяй інфармацыю з фільма пра тое, што касцёл у Бабруйску спраектаваў менавіта Станіслаў Шабунеўскі:

– Эмоцыі праз край. Два гады таму я быў у Бабруйску, мы праходзілі з Мікалаем Новікавым побач з гэтым касцёлам, заўважылі зайшлі, нам там крыху распавялі. Мы не маглі ўявіць, што Станіслаў Шабунеўскі можа быць архітэктарам гэтага касцёла.

Рэжысёрка Марыя Булавінская радая, што аўдыторыя ўспрыняла яе фільм, на які пайшоў амаль год жыцця: 

– Я бачыла рэакцыю людзей, гэта была тая рэакцыя, якую я чакала. Напрыклад, калі з’явіўся касцёл, і людзі пабачылі, як ён быў сапсаваны ў савецкія часы, людзі зашапталіся. Гэта значыць, што сапраўды трагедыя гэтага касцёла ўразіла публіку.

Фільм гомельскіх журналістаў Марыі Булавінскай і Сяргея Ляпіна “Рэпрэсаваная архітэктура” будзе транслявацца на тэлеканале “Белсат” 14 красавіка. Станіслаў Шабунеўскі – рэпрэсаваны ў 1937 годзе архітэктар, які стварыў найбольш яркія будынкі ў Гомелі ў канцы ХІХ-першай палове ХХ стагоддзя. Паводле некаторых дадзеных, ён знайшоў апошні спачын у Курапатах пад Менскам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель