У Гомелі з аншлагам стартавалі бясплатныя курсы ўкраінскай мовы



Каля 30 гамельчукоў завіталі на першыя заняткі, каб пачуць украінскае слова і азнаёміцца з культурай суседняй краіны. Памяшканне для заняткаў прадаставіла Гомельская філія Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Кіраўнік гомельскага ТБМ Алеся Аўласевіч адзначае, што не чакала ўбачыць такой вялікай колькасці жадаючых вывучаць украінскую мову.

— Курсы ўкраінскай мовы — гэта для нас такая сяброўская ініцыятыва. У прынцыпе, беларуская і ўкраінская маюць 80 адсоткаў аднолькавай лексікі. Разам з гарадской Радай ТБМ мы прынялі рашэнне, што былі б рады бачыць такую ініцыятыву ў нашым Цэнтры (беларускай мовы).

Вядоўца моўных курсаў Надія Дрозд жыве ў Беларусі практычна ўсё жыццё. Але яе сувязі з Украінай ніколі не перарываліся.

— Тут свая доля: дзеці, муж беларус. А з Украінай сувязі не перарываліся ніколі, і з украінскай мовай тым больш. У нас тут ужо чвэрць стагоддзя хоць і невялікае, але аб’яднанне украінцаў і мы трымаемся разам.

У Гомелі жыве даволі вялікая дыяспара ўкраінцаў. Паводле афіцыйных дадзеных, колькасць грамадзян украінскага паходжання ў горадзе над Сожам можа дасягаць 15 тысяч чалавек. Большасць з іх пераехалі ў Беларусь яшчэ ў савецкі час у пошуках працы і па размеркаванні.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель