У Італіі з прадмовай Уладзіміра Арлова выйшла кніга пра беларуса, які быў прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі



Увесну 2020-га, у апагей першай хвалі пандэміі ў Італіі, калі па пустых вуліцах італійскіх гарадоў ездзілі грузавікі з ахвярмі каронавірусу, а жыхары сядзелі на жорсткай самаізаляцыі, Клаўдыё Факінэлі — навуковец, тэатразнаўца і літаратар — блукаючы ў сеціве, напаткаў там «Імёны Свабоды» Уладзіміра Арлова.

Менавіта гэтае выданне з Бібліятэкі Свабоды ХХІ стагоддзя, як прызнаецца Клаўдыё, стала імпульсам да напісаньня новай кнігі.

Ужо не першы год італійца цікавіў лёс ураджэнца Беларусі — нарадавольца, затым палітэмігранта, знакамітага медыка, прэзідэнта Гавайскай рэспублікі Мікалая Судзілоўскага, які стаў адным з герояў «Імёнаў».

Клаўдыё натхніла знойдзеная ў эсэ Арлова ўласнаручна складзеная Судзілоўскім ягоная эпітафія: «Hic jacet Lumpatius Vagabundus», што ў перакладзе з лаціны значыць: «Тут ляжыць вандроўны жабрак». Менавіта гэтая эпітафія і дала кнізе назву.

Паміж двума літаратарамі завязалася ліставанне. Факінэлі цікавілі не толькі гістарычныя рэтраспекцыі, але і аналогіі з сучаснасцю, у Беларусі грымнулі падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі.

У першых водгуках на кнігу пра беларуса Судзілоўскага (яна выйшла на самым пачатку гэтай восені ў выдавецтве «Gaspari») італійскія аўтары пішуць, што жанр кнігі вызначыць надзвычай складана і называюць яе «вельмі інтымным расповедам чалавека, які захапіўся фігурай іншага чалавека». Разам з тым адзначаецца, што аўтар «імкнуўся ўсімі сіламі быць аб’ектыўным і дакладным», што дае падставы аднесці твор да шанаванага шмат кім  чытачоў жанру эсэ-біяграфіі.

svaboda.org