У Іванаўскім раёне завяршаюць аднаўленне сядзібы Напалеона Орды



Ва ўрочышчы Красны Двор завяршаюць аднаўленне радавой сядзібы мастака і музыкі Напалеона Орды, піша “Вячэрні Брэст”.

Орда нарадзіўся ў гэтым месцы, але дом, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады, не захаваўся. Ад яго пасля Другой сусветнай вайны засталіся толькі рэшткі фундамента, сажалка і некалькі дрэваў старога парку. Сядзіба была пабудаваная ў стылі класіцызму, з мансардай, і ўяўляла сабой тыповы для Палесся канца 18-га стагоддзя шляхецкі дом.

У такім выглядзе амаль поўнасцю яго і аднавілі. Працы пачалі пяць гадоў таму. Здача аб’екта запланаваная на 15 снежня. Тут плануюць размясціць экспазіцыю, прысвечаную быту і традыцыям беларускай шляхты 18-19 стагоддзяў, а таксама бальную залу, невялікую кавярню і гатэль. Мае з’явіцца аранжарэя і бібліятэка.

Сядзіба стане цэнтральным аб’ектам музейна-культурнага комплексу Напалеона Орды, у які таксама ўваходзяць музей і карцінная галерэя ў вёсцы Варацэвічы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vb.by