У Калінінградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны?
Падчас Сёмага з’езда беларусаў свету, які праводзіла Згуртаванне “Бацькаўшчына” ў Менску ў ліпені 2017 года, з ініцыятывы сяброў Калінінградскага Таварыства беларускай культуры і яго старшыні Ігара Шаховіча быў праняты зварот да мэра Калінінграда Аляксандра Ярашука аб наданні імя Францыска Скарыны адной з вуліц горада ў гонар пяцісотгадовага юбілею ўсходнеславянскага друку.
Справа ў тым, што нягледзячы на існаванне цэлага шэрагу знакамітых беларусаў, лёс якіх быў звязаны з Караляўцом–Кёнігсбергам–Калінінградам, факт беларускай прысутнасці ў назвах вуліц і населеных пунктаў гэтага рэгіёна ніяк не адзначаны. Ідэя распачаць у Калінінградзе ўшанаванне персонаў беларускага паходжання з Францыска Скарыны выглядае слушнай – у 1530 годзе на запрашэнне герцага Прусіі Альбрэхта Брандэнбурга Скарына працаваў у Кёнігсбергу.
На пасяджэнні тапанімічнай камісіі ў Калінінградзе, якое адбылося ў снежні 2017 года, зварот дэлегатаў Сёмага з’езда беларусаў свету разглядаўся. І Згуртаванне “Бацькаўшчына” атрымала адказ, у якім паведамляецца, што пасля абмеркавання чальцы камісіі прыйшлі да высновы, што з мэтай умацавання культурных і эканамічых сувязяў Беларусі і Калінінградскай вобласці варта надаць у 2018 годзе імя Францыска Скарыны вуліцы ў жылым квартале, які зараз будуецца (раён вуліц Пархоменка і Левітана).
Выснова тапанімічнай камісіі накіраваная да разгляду і зацвярджэння ў гарадскі Савет дэпутатаў Калінінграда.