У Карэлічах пройдзе фестываль фальклору і рамёстваў
У імпрэзе, якая пройдзе 18 студзеня, прымуць удзел музычныя калектывы, дзіцячыя творчыя аб’яднанні, выканаўцы аўтэнтычных песень і танцаў, сямейныя ансамблі.
Арганізатары фестывалю “Галасы традыцый” кажуць, што на мерапрыемстве будуць прадстаўлены розныя напрамкі фальклору, якімі займаюцца ўдзельнікі: інструментальныя, вакальныя, харэаграфічныя.
— Мы будзем спяваць, танчыць і дакранацца да традыцый продкаў. Фестываль прапагандуе нацыянальныя звычаі, традыцыі і абрады і паважлівае стаўленне да іх, — кажа Сняжана Каляда, дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. — Мы хочам аб’яднаць таленавітых выканаўцаў, запаліць іх і гледачоў эмацыйнай яркай атмасферай, захапіць дзівоснымі нумарамі.
Удзельнікі выступяць у трох узроставых катэгорыях: да 13 гадоў, з 14-ці па 18 гадоў і ад 19-ці да бясконцасці. Намінацыі маладога фестывалю здаецца, ахапілі ўсе творчыя напрамкі. Гэта і “Народныя інструменты”, і “Народныя спевы”, і “Прыпеўкі”, і “Эстрадная стылізацыя народнай песні”. Будуць таксама “Народныя танцы і стылізацыя”, “Фальклорны танец”.
Не забыліся і пра тэатр. Асобнай намінацыяй журы ацэніць “Народную тэатральную творчасць” з абрадамі, гуляннямі ды народным гумарам. Народныя майстры, чыю творчасць можна не толькі пабачыць, а і памацаць, прадставяць свае творы: вышыўку, вырабы з саломы, гліны і іншых матэрыялаў у намінацыі “Выстава народнага дэкаратыўна-прыкладного мастацтва”.