У Хайсах упарадкавалі народны мемарыял



Краязнаўцы і грамадскія актывісты Віцебшчыны ўпарадкоўваюць народны мемарыял створаны ў лесе пад вёскай Хайсы, дзе ў канцы 30-х гадоў камуністы расстрэльвалі беларусаў.

Цяпер ідзе пабудова сцяжыны, якая вядзе да крыжа ў памяць бязвінна расстраляным. Раней улады пахавалі парэшткі знойдзеных у Хайсах целаў, з характэрнай для камуністычных расстрэлаў адтулінай у патыліцы, на могілках каля вёскі Мазалава, кажа адзін з удзельнікаў упарадкавання Ян Дзяржаўцаў:

– Пахавалі гэтых 302 чалавекі пад Мазалавым, там ёсць грамадзянскія могілкі. Перад гэтым яны год адляжалі ў іх у Мазалаўскім сельскім савеце. Там паставілі крыж, што тут пахаваныя людзі, якіх знайшлі ў Хайсах. Мы паставілі побач крыж і напісалі шыльду, што тут ляжаць ахвяры сталінскага рэжыму, якія былі забітыя ў 1937 і 1941 годзе.

Раней улады неаднаразова адмаўлялі факт сталінскіх расстрэлаў у Хайсах, заяўляючы, што ў гэтым лесе расстрэлы праводзілі нацысты. Аднак ніхто з мясцовых жыхароў версію ўладаў не пацвердзіў, а наадварот, сведкі тых падзей упэўнена ўказвалі на бальшавікоў, ды і расстрэлы пачаліся за некалькі гадоў да прыходу гітлераўцаў у Беларусь. Сумневаў няма, у Хайсах беларусаў расстрэльвалі менавіта камуністы, — дадаў Ян Дзяржаўцаў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя