У кіеўскім выдавецтве выходзіць кніга беларускага паэта
У кіеўскім выдавецтве «Люта справа» выходзіць новая кніжка беларускага паэта Сяргея Прылуцкага пад правакацыйнай назвай «Далоў дарослых!» Гэтая кніга Сяргея Прылуцкага, вядомая таксама пад псеўданімам Пістончык, напісаная адмыслова для дзяцей.
Дзіцячыя вершы Прылуцкага будуць пададзеныя і беларускай, і ў перакладзе на ўкраінскую. Пра кнігу «Далоў дарослых!» распавядае сам аўтар:
— Першыя вершы з’явіліся нечакана для мяне самога. А потым мяне захапіла магчымасць падаць рэчаіснасць дзіцячымі вачыма. Вершы напісаныя ад першай асобы, ад імя хлопчыка-хулігана.
У мяне перыядычна пытаюцца: як ты напісаў дзіцячую кніжку, хоць дзяцей няма? Я лічу, што гэта крыху дурнаватае пытанне. Людзі пішуць пра той жа Старажытны Рым, хоць ніколі ў тым Старажытным Рыме не былі!.
Ураджэнец Берасця Сяргей Прылуцкі жыве ў Кіеве, але піша беларускай. Украінскі пераклад беларускіх вершаў Прылуцкага зрабіла Алена Сцепаненка, рэдактаркай стала вядомая ўкраінская паэтка Мар’яна Кіяноўская.
Беларускае Радыё Рацыя