У Кіеве адбыўся аўтапрабег фанатаў гурта „Brutto”
У Кіеве адбыўся аўтапрабег фанатаў беларускай групы “Brutto”. Ён быў прысвечаны вялікаму канцэрту беларускіх выканаўцаў, які мае адбыцца ва ўкраінскай сталіцы 19 снежня.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Ідэя аўтапрабегу нарадзілася ў сацыяльных сетках. Папярэдняя рэгістрацыя была распачатая яшчэ 18 лістапада, прытым каардынатары ўкраінскага тура “Brutto” дапамаглі ўдзельнікам арганізацыйна, а таксама складаннем маршрута і адпаведнай атрыбутыкай. Усяго ў аўтапрабегу ўдзельнічала каля дзесяці аўтамабіляў, экіпажы каторых прадстаўлялі не толькі Кіеў, але і Жытомір, Палтаву і Вінніцу.
Паводле ўкраінскіх аматараў “Brutto”, мэта гэтай незвычайнай акцыі – падтрымка ўлюбёных музыкаў з Беларусі.
Цікава, што наймалодшаму ўдзельніку аўтапрабега споўнілася толькі сем гадоў. За рулём аўтамабіля, дзе сядзеў малалетні фан “Brutto”, быў яго бацька, якога сын і пазнаёміў з творчасцю Сяргея Міхалка і яго паплечнікаў”
Канцэрт 19 снежня ў Кіеве завяршае вялікі ўкраінскі тур беларускіх выканаўцаў, які распачаўся 21 лістапада ў Львове.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя