У конкурснай праграме фестывалю нацыянальнай драматургіі – 12 спектакляў



У конкурснай праграме VI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча папярэдне заяўлена 12 спектакляў, пастаўленых у мінулых і сёлетнім сезонах па творах беларускіх драматургаў.

У іх ліку Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „Арт Карпарэйшн” (Менск) з праектам „Опіум”, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек са спектаклем „Ладдзя роспачы”, Слонімскі драматычны тэатр з пастаноўкай „Тарас на Парнасе”, незалежная тэатральная група з Санкт-Пецярбурга „Театр post” з работай „Поле”. Магілёўскі абласны драматычны тэатр прывязе на фестываль драму „Скарына”, Магілёўскі абласны тэатр лялек – галюцынацыю „Сіняя-сіняя”, а гаспадары тэатральнага форуму – Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча – прадставяць прэм’еру гэтага сезона – „Кропкі на часавай восі”.

У кожнай з дзвюх катэгорый конкурснай праграмы форуму – „Спектакль тэатра драмы” і „Эксперымент” – выберуць лепшы спектакль, рэжысуру, сцэнаграфію, п’есу сучаснага беларускага аўтара, вызначаць лепшую мужчынскую і жаночую ролі, у тым ліку другога плана. У праграме таксама выстаўкі, экскурсіі, чытанне п’ес беларускіх драматургаў, майстар-класы, круглыя сталы па пытаннях развіцця нацыянальнай драматургіі і тэатра.

VI Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча пройдзе ў Бабруйску 17-22 лістапада. Арганізатарамі выступаюць Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры.

belta.by