У Косаве гутарылі пра паэтаў, архівы і Касцюшку
У мястэчку Косава Івацэвіцкага раёна адбылася сустрэча з беларускімі пісьменнікамі, журналістамі і даследчыкамі гісторыі беларускай культуры Міхасём Скоблам і Сяргеем Чыгрыном. На сустрэчы прысутнічалі не толькі мясцовыя жыхары, але і аматары роднай культуры і гісторыі з Кобрына, Баранавіч, Менску, Маладзечна, Івацэвіч і іншых гарадоў – тыя, хто завітаў у выхадныя дні на Івацэвіччыну, каб ушанаваць вялікага сына беларускай зямлі Тадэвуша Касцюшку.
Падчас сустрэчы Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын прэзентавалі свае новыя выданні, расказалі пра творчыя планы і задумкі. Міхась Скобла чытаў свае вершы, а Сяргей Чыгрын распавёў пра суседнія з Беларуссю дзяржавы, дзе ў іх архівах захоўваецца шмат матэрыялаў, звязаных з паўстаннямі 1794, 1830 і 1863 гадоў.
Да прысутных у Косаве далучыўся і краязнавец з Жабінкі Анатоль Бензярук – аўтар шматлікіх даследаванняў пра жыццё і дзейнасць Тадэвуша Касцюшкі. Выступоўца пазнаёміў усіх са сваімі кнігамі “Касцюшкі-Сяхновіцкія: Гісторыя старадаўняга роду” і “Крупчыцы. 1794 год: Падзеі і памяць роднай гісторыі”. У гэты дзень усе разам шчыра гутарылі пра тыя старонкі беларускай гісторыі, якія найбольш сёння беларусаў хвалююць і цікавяць.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Івацэвіцкі раён
Фота аўтара.