У “краіне багнаў” жыве памяць пра Песняра



Роўна 30 гадоў таму, 11 лістапада 1990 года, ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна ўрачыста адкрылі Літаратурна-краязнаўчы музей імя Якуба Коласа. Не так даўно ён атрымаў статус “Народнага”.

Да 130-годдзя Якуба Коласа ўстанову капітальна адрамантавалі. Побач з будынкам памятны знак у гонар экспедыцыі Луізы Бойд.

Беларускае Радыё Рацыя ўжо распавядала пра пінскі перыяд класіка беларускай літаратуры і пра багатыя на гістарычную спадчыну Пінкавічы: “Якуб Колас на Пінскім Палессі. Цікавыя гісторыі” ды “Палескае сяло ў Рэчы Паспалітай”. З нагоды 30-годдзя ўстановы кораценька прыгадаем яе з’яўленне. Адразу адзначым, што заснавальнікам і першым дырэктарам быў Іван Калоша. Гэтая постаць заслугоўвае асобнай увагі, таму крыху пазней падрыхтуем тэматычны артыкул.

У Пінкавічах Якуб Колас настаўнічаў у 1904-1906 гадах. Школу ў вёсцы пабудавалі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Афіцыйнай датай адкрыцця Пінкавіцкага народнага вучылішча лічыцца верасень 1863 года. З таго часу будынак некалькі разоў прыцярпеў капітальны рамонт, але той самы падмурак захаваўся. Цяпер тут і месціцца коласаўскі музей.

У 1887-1888 гадах у Пінкавіцкай школе было тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае. Ва ўсіх аддзяленнях налічвалася 30 хлопчыкаў і адна дзяўчынка, дачка святара. Выкладаў у тым навучальным годзе настаўнік Васіль Буры. На ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася: 175 рублёў з дзяржаўнага бюджэта і 95 рублёў ад тутэйшых сялян.

Падчас коласаўскага перыяду навучальную ўстанову наведвала каля паўсотні дзяцей. Кватэра настаўніка (тры пакоі) была пры школе. Па ўспамінах вучняў, маладога настаўніка паважалі: “Ён быў прыветлівы, абыходлівы, цікавіўся сялянскім жыццём і справамі. Кіраваў царкоўным хорам…”.

У 1953 годзе Пінкавіцкай сярэдняй школе надалі імя Народнага паэта Беларусі, а ў нашыя дні мясцовая школа імя Я.Коласа месціцца ў будынку, які паўстаў у 1987 годзе.

З’яўленню паўнаварстнага музею папярэднічаў невялікі мемарыяльны куток, які ў 1964 годзе зрабіў Іван Калоша. Ад таго ж моманту настаўнік беларускай мовы і літаратуры разам са сваімі вучнямі пачаў збіраць успаміны і артэфакты, звязаныя з жыццём Песняра ў Пінкавічах.

Сёння Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў Пінкавічах – гэта досыць вялікая экспазіцыя, якая месціцца ў вестыбюлі і чатырох залах: адзін пакой прысвечаны побыту і жыхарам вёскі, а астатнія – класіку беларускай літаратуры. У вестыбюлі знаходзіцца бюст пісьменніка, а на сценах некалькі малюнкаў з пейзажамі Пінкавічаў. Налічваецца звыш адной тысячы экспанатаў: старыя кнігі Коласа, беларускіх пісьменнікаў, здымкі, партрэты, лісты, нумізматыка, прадметы хатняга ўжытку і г.д. Асаблівую цікавасць выклікае царкоўная кніга, якая вялася ў 1799-1809 гадах.

На музейнай тэрыторыі таксама ёсць экскурсійныя аб’екты. Яны паўсталі па ініцыятыве гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Садружнасць Палесся”. У кастрычніку 2016 года ўсталяваны мемарыяльны знак у гонар амерыканскай вандроўніцы Луізы Арнер Бойд. Знак – гэта вялізны валун з надпісам па-беларуску і па-ангельску. Сусветна вядомая даследчыца наведала Пінкавічы ў кастрычніку 1934 года ў ходзе навуковай экспедыцыі па Палессі. Праз дзясяткі здымкаў яна ўвекавечыла жыццё вёскі. У жніўні 2017 года, дзякуючы праекту ГАГА “Садружнасць Палесся”,  з’явіўся ўнікальны прыродны аб’ект “Калодзеж Якуба Коласа”. 

Народны музей Песняра ў Пінкавічах працягвае папаўняцца экспанатамі. Як таго і марыў заснавальнік, каб музей аздабляўся і багацеў на цікавосткі. Цяпер устнова, гэта ня толькі сховішча мінуўшчыны, але важны грамадска-культурніцкі цэнтр Піншчыны. Тут рэгулярна ладзяцца творчыя імпрэзы, канцэрты, сустрэчы грамадскасці з творчымі людзьмі.  

Будынак музея, тады школы, ў першай палове 1950-х гадоў.

Так выглядаў Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў Пінкавічах на момант свайго адкрыцця, 1990-я гады.

На музейнай тэрыторыі знаходзіцца “Калодзеж Якуба Коласа”.

Выгляд з вышыні птушынага палёту.

У жніўні 2017 года ў ходзе вандроўкі па Палессі музей наведалі: старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўген Вапа і пісьменнік з Гародні, праваабаронца Віктар Сазонаў.

Краязнаўца Эдвард Злобін знаёміцца з цікавым экспанатам – царкоўнай кнігай пінкавіцкай царквы, якая вялася ў 1799-1809 гадах.

Жнівень 2017 года. Экскурсія для чальцоў Пінскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў.

Штогод у лістападзе ладзіцца літаратурна-музычнае свята “Каласавіны”.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя