У Кракаве пройдзе сустрэча адразу з трыма беларускімі паэтамі
Віла Дэц’юса ў Кракаве па-ранейшаму збірае беларускіх літаратараў пад свой дах. 24 верасня тут адбудзецца сустрэча з трыма паэтамі, якія прадставяць свае кнігі – Настай Кудасавай, Артурам Камароўскім і Дзмітрыем Строцавым.
На гэтай сустрэчы Строцаў выступіць таксама ў якасці выдаўца, які раскажа пра свой выдавецкі праект, які ён распачаў у Берліне пры падтрымцы нямецкага выдавецтва Hochroth:
-Адкрыў выдавецтва ў Берліне. Мяне гэта вельмі натхняе. Я выпусціў ужо шэсць кніг беларускай паэзіі. У рабоце яшчэ некалькі кніг. Увогуле ў нейкім сэнсе гэта самвыдат. Хоць, канешне, гэта зарэгістраваная арганізацыя, там ёсць пэўныя прынцыпы, гэта ўсё прадаецца ў крамах, але гэта вельмі-вельмі падобна на самвыдат.
Сустрэча адбудзецца 24 верасня. Пачатак а 15-й гадзіне. У праграме:
– прэзентацыя выдадзеных за апошнія гады ў эміграцыі кніг;
– мажлівасць набыць і падпісаць у аўтараў зборнікі;
– жывая гутарка з запрошанымі гасцямі.
Удзел у спатканні бясплатны, але абавязковая рэгістрацыя, колькасць месцаў абмежаваная.
Беларускае Радыё Рацыя