У Кракаве з аншлагам прайшла прэм’ера беларускага спектакля
Прэм’ерны паказ спектакля „Шэпт” паводле фотапраекта і кнігі Сяргея Лескеця пра беларускіх знахарак адбыўся ў Кракаве 7-га чэрвеня ў будынку тэатра Kto”. Гэтым выступам калектыў „Купалаўцы” распачаў гастролі спектакля па Польшы, у Кракаў яны завітаюць яшчэ раз 16 чэрвеня, і квіткі ўжо ўсе прададзены.
Рэжысёрам тэатральнай пастаноўкі выступіў Раман Падаляка. Упершыню „Шэпт” паказалі ў Штутгарце ў лістападзе 2022 году.
Вядома, Купалаўскі тэатр сам па сабе з’яўляўся ў тым нашым жыцці сталічным брэндам, нацыянальным творчым асяродкам і шмат для каго адным з ўлюбёных месцаў, дзе панавала сапраўднае мастацтва. Знакавыя пастаноўкі, любімыя акторы – тое, чаго так не хапае цяпер. Таму сустрэча з роднымі купалаўцамі ў Кракаве стала сапраўдным святам.
Таямнічы „Шэпт” спалучае ў сабе моцны візуальны шэраг аўтарскіх здымкаў і выдатную гульню трох персанажаў. Цэнтральны вобраз стварае Святлана Анікей, пераўвасабляючыся ў жанчын сталага ўзросту – вясковых шаптух і знахарак, якія лякуюць словам, вадой, зёлкамі.
Уражаннямі пасля прагляду падзяліліся гледачы:
Андрусь Такіданг:
„Гэта такая праца навуковая, на маю думку, таму што вельмі дакладна і трапна перададзены ўсе персанажы жанчынай, якія жывуць у вёсках, якія ведаюць замовы, таму для мяне спектакль і мастацкая дзея, і таксама дакументалістыка. І густоўна ўсё зрабілі: рэжысёр малайчына, акторы малайцы, а яшчэ гэтая фінальная песня вельмі праймае. Глядзіш, слухаеш і спрабуеш ўзгадваць, бо гэтыя персанажы вельмі пазнавальныя. Я бываў у вёсках, амаль паўсюль была бабуля, якая ўмела замаўляць, да якой вадзілі спалоханых дзяцей”.
Аляксандр Мікалайчук: „Вельмі цудоўныя ўражанні, адразу нахлынулі ўспаміны пра дзяцінства, да маёй бабы Надзі часта прыходзілі аднавяскоўцы, і яна шаптала, памятаю, яна і мне штосьці шаптала. Спектакль спадабаўся сваім настроем, беларускай мовай, цудоўнай атмасферай”.
Сямейная пара Анжаліка і Аляксандр: „У мяне самой бабуля лячыла людзей малітвамі. У яе было дзесяць дзяцей, падчас вайны яна з маёй маці тры гады была ў палоне. Потым вярнулася, усе засталіся жывымі, здаровымі. Памятаю, як прыходзілі да бабулі і прасілі: нагавары вады. Мне вельмі спадабаўся спектакль, адзінае – не хапіла, хацелася б працягу”.
„Уражанне такое, што я вярнуўся ў сваё дзяцінства і юнацтва, для майго пакалення гэта частка жыцця. Вельмі важна знаёміць і перадаваць традыцыі моладзі. І ўвогуле, датычна Купалаўскага тэатра, то ў мяне асобныя адносіны да яго – класная выкладала беларускую мову і літаратуру, таму ў школьныя гады мы перагледзелі ўвесь тэатральны рэпертуар.”.
Яніна Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя