У Крэўскім замку раскапалі падмурак трэцяй вежы



Раней меркавалася, што Крэўскі замак мае ў плане трапецыю з дзвюма вежамі па вуглах. Некалькі дзён таму падчас археалагічных раскопак знайшлі падмурак трэцяй вежы, піша Reform.by.

Кіраўнік раскопак кандыдат гістарычных навук археолаг Алег Дзярновіч паведаміў, што гэта вельмі важнае адкрыццё і для гісторыі Крэўскага замка, і для гісторыі даследаванняў пачатку мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага. Структура Крэўскага замка была больш складанай, разгалінаванай і больш функцыянальна насычанай, дадае Алег Дзярновіч.

Нагадаем, што цяпер адбываецца кансервацыя, рэстаўрацыя і археалагічныя даследаванні Крэўскага замка, унікальнага помніка абарончага дойлідства пачатку XІV стагоддзя (паводле іншых меркаванняў – канца ХІІІ). У Крэўскім замку размяшчалася рэзідэнцыя вялікіх князёў.