У Крэўскім замку выяўлены рэшткі невядомага будынку
Сёлетні археалагічны сезон у аграгарадку Крэва ахапіў адначасова тэрыторыі замка і Гарадзішча.
Пра нечаканую знаходку на замчышчы распавёў супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук, археолаг Алег Дзярновіч:
– У нас самая галоўная знаходка, мы знайшлі невядомую пабудову, якая не фіксавалася на позніх планах. Цяпер, канешне, падчас рэканструкцыйных працаў быў зняты завал. Гэта бок, які найбольш пацярпеў падчас абстрэлу. Цяпер, калі прыбралі, аказалася, што па каменнай муроўцы мы бачым шыкоўную гатычную, цагляную муроўку. Даволі вялікі будынак – восем з паловай метраў. Прычым, ён вельмі цікавы для рэстаўратараў будзе, для архітэктараў. Мы знайшлі кафлю падлогі, мы знайшлі там пражскі грош.
Такія раскопкі фонд „Крэўскі замак” ладзіць 10-ты год запар. Далучыцца можна, запоўніўшы анкету на сайце фонда.
Беларускае Радыё Рацыя