У Купалаўскім узгадаюць творчасць Міхала Анемпадыстава
На сцэне Купалаўскага тэатра з’явіцца праект па матывах творчасці Міхала Анемпадыстава.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў актор і рэжысёр Раман Падаляка, вядомы гучнай пастаноўкай «Радзіва Прудок» па кнізе Андрэя Горвата.
– Мне б хацелася зрабіць да канца наступнага года нейкую кампазіцыю па візуальных творах Міхала Анемпадыстава. Я хацеў бы зрабіць такую рэч, пад умоўнай назвай «Колер Беларусі», якая б аб’яднала яго вершы, карціны, песні і ўспаміны пра яго.
Беларускі мастак, дызайнер, паэт, культуролаг і мастацтвазнавец Міхал Анемпадыстаў памёр у студзені 2018-га – яму было 53 гады. Шырокай публіцы найперш вядомы як аўтар ідэі і тэкстаў (апроч двух народных) культавага беларускамоўнага музычнага праекта – рок-мюзікла «Народны альбом», што выйшаў у 1997 годзе.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя