У Латыгалі прайшоў беларускі праваслаўны летнік
На Вілейшчыне ў вёсцы Латыгаль адбыўся беларускі праваслаўны летнік. Яго ўдзельнікі працавалі на ўпарадкаванні мясцовага храма, якому ўжо два з паловай стагоддзі.
Распавядае арганізатар і ўдзельнік летніка Кастусь Антановіч:
– Гэта тыя людзі, якім цікавая і беларускасць, і беларуская мова, і праваслаўная традыцыя. Таму яны з захапленнем даследавалі артэфакты, якія былі знойдзены ў царкве, і працавалі над стварэннем канцэпцыі царкоўнага музея ў Латыгалі. Намі былі знойдзены старадаўнія харугвы, якія яшчэ з 19-га ст. выкарыстоўваліся ў храме. Зараз яны ў кепскім стане і мы іх узялі, каб адрэстаўраваць. Было б добра, каб у будучым яны склалі музейную калекцыю.
Маладыя актывісты сталічнага праваслаўнага брацтва Святых Віленскіх пакутнікаў плануюць яшчэ не раз вярнуцца ў Латыгаль, каб працягнуць распачатую справу.
Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя
Фота radzima.org