У Лідзе абвясцілі пра два літаратурныя праекты



У Лідзе адбыўся фестываль кнігі і друку “Зоркі лідскіх небасхілаў”. Фестываль гэты праходзіць ужо многія гады, яго фармат – гарадское свята. Галоўным арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, астатнія – на падхопе.

А гэта ўсе тыя, хто так ці інакш звязаны з друкам або кнігай. Сёлета бралі ўдзел, акрамя бібліятэк, яшчэ “Лідская газета”, “Наша слова” (Выдавецкі дом ТБМ), Лідская друкарня, Лідская кнігарня “Кніжны свет”, БРСМ, літаб’яднанне “Суквецце”. Пры гэтым прадукцыя Выдавецкага дома ТБМ была размешчана на трох лакацыях: “Наша слова”, Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы і Лідская друкарня.

Аздаблялі свята фальклорны гурт “Талер”, спевакі і, канешне, паэты. Меў слова і рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік. Увесь час паўнавартасна гучала беларуская мова.

Кульмінацыяй свята стала выступленне першага сакратара Лідскага раённага камітэта БРСМ Вольгі Міхаловіч, якая абвясціла пра два літаратурныя праекты БРСМ.

Першы праект “З мышкай і кніжкай”. Праект прадугледжвае планавыя і сістэматычныя выступленні лідскіх літаратараў перад моладдзю горада і раёна, тых літаратараў, “якія не ўвайшлі ў школьныя падручнікі”. Ужо існуе спіс з 20 чалавек, але ён адкрыты. Большасць спісу – беларускамоўныя паэты і пісьменнікі.

Другі праект – заснаванне Літаратурнай прэміі імя Валянціна Таўлая на лепшы патрыятычны твор. Палажэнне аб прэміі зацверджана на бюро Лідскага раённага камітэта БРСМ. Падтрымалі прэмію Лідская гарадская арганізацыя ТБМ, літаб’яднанне “Суквецце” пры “Лідскай газеце”, Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Палажэнне аб прэміі неўзабаве з’явіцца ў СМІ.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара