У Лідзе адбылася прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша
Кніга “Шпацыры па старой Лідзе” у Гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” выйшла з друку ў лютым 2020 года і сабрала добрую прэсу (tut.by, svaboda.org, budzma.by, Наша Слова і іншыя). Наклад кнігі ўжо практычна разышоўся, але з-за пандэміі каронавірусу прэзентацыю стала магчымым правесці толькі зараз. Новая кніга пісьменніка Леаніда Лаўрэша пісалася каля 20 гадоў. Яна прысвечаная гісторыі вуліц і будынкаў горада Ліды. Пачынаючы ад сэрца горада – Лідскага замка, старонка за старонкай кніга вядзе чытача па старых вуліцах горада, паслядоўна расказваючы гісторыю кожнага дома.
Прэзентацыя кнігі адбылася ў Лідзе 30 верасня на курсах „Мова Нанова”. Новы сезон курсаў быў адкрыты сёлета 23 верасня прэзентацыяй кнігі прафесара Алеся Краўцэвіча “Дзяржава волатаў”. Цікава, што прафесар Алесь Краўцэвіч з’яўляецца аўтарам прадмовы да сённяшняй кнігі, між іншым прафесар напісаў: “Кніга «Шпацыры па старой Лідзе» – плён шматгадовай працы лідскага літаратара Леаніда Лаўрэша, працы архіўнай, гістарыяграфічнай, але таксама даследчыцка-палявой, менавіта апытання сталых жыхароў горада пра падзеі XX ст. Строга падыходзячы да справы, тут не зусім пасуе слова «краязнаўства» як да кнігі, так і да яе аўтара, бо яно асацыіруецца з аматарствам. Больш дакладным будзе акрэсленне «рэгіянальная гісторыя», бо мы маем выкладзенае ў папулярнай форме навуковае даследаванне. Кніга – як вяршыня айсберга, менавіта яго частка, найбольш відочная і даступная для людскога ўспрымання. Па-за полем зроку застаецца «падводная» частка – нашмат большая як па працягласці, так і па аб’ёму праробленай працы. Каштоўнасць кнігі менавіта ў тым, што яна ўяўляе сабой прадукт гістарычнага даследавання, даведзены да канцавой мэты – масавага чытача … [Чытачы кнігі] могуць з кнігай у руках прайсціся па ўсіх апісаных у ёй мясцінах, каб усё спраўдзіць на ўласныя вочы. Прызнаюся, што сам я менавіта так і зраблю …”.
На прэзентацыю кнігі сабраліся людзі, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай. Моўныя курсы вяла ўжо дасведчаная і вопытная вядучая “Мовы Нанова” Наталля Тананушка. Заняткі яна пачала з апытанкі па пра гістарычныя месцы горада Ліда.
Таксама выступіў рэдактар газеты “Наша Слова” і часопісаў “Лідскі Летапісец”, знаны пісьменнік Станіслаў Суднік. Дарэчы, ён з’яўляецца аўтарам прыгожага вершаванага эпіграфа кнігі:
Пад парасонам часу
па вулках старажытных
Прайдуся я няспешна,
а дзе і пастаю,
І з Лідаю сам-насам
у рысах непазбыўных
Згадаю яе вечнасць
і маладосць сваю.
На прэзентацыі кнігі Станіславаў Суднік вельмі высока ацаніў кнігу і, як вядомы і дасведчаны краязнавец, расказаў пра лідскія дамы-брандмуры.
У сваю чаргу аўтар кнігі распавёў пра старажытную лідскую рынкавую плошчу, на якой у свой час, як сімвал еўрапейскай свабоды і гарадскога самакіравання, стаяла лідская ратуша. Дарэчы, зусім нядаўна, 17 верасня, горад адсвяткаваў 430-я ўгодкі надання Лідзе Магдэбургскага права.
Слухачы моўных курсаў выявілі высокую цікаўнасць да кнігі. Таму аўтару кнігі яшчэ догі час прыйшлося адказваць на шматлікія пытанні зацікаўленых людзей.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда
Фота аўтара