У Лідзе падвялі вынікі конкурсу імя Веры Навіцкай
У Лідскай раённай бібліятэцы падвялі вынікі 4-га міжрэгіянальнага літаратурнага конкурса імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.
Конкурс праводзіць адзін раз на два гады Лідская бібліятэка пры падтрымцы газеты ”Наша слова”. Ён носіць імя найбуйнейшай лідскай дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая была начальніцай Лідскай жаночай гімназіі імя Марыі Навіцкай напачатку ХХ-га стагоддзя і напісала шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку тэтралогію пра Мусю Старабельскую.
Нягледзячы на складаную сітуацыю ў краіне, сёлета конкурс адмяняць не сталі. Хоць удзельнікі былі толькі з Ліды і падвядзенне вынікаў абышлося без канцэртнай праграмы, але асноўныя элементы былі выкананы. Дыплом 1-й ступені атрымала Таццяна Сямёнава, 2-й ступені – Міхась Мельнік, 3-й ступені – Людміла Русь.
Была захавана традыцыя прадстаўляць на гэтым мерапрыемстве рэдкую кнігу. У 2016 годзе гэта была першая кніга тэтралогіі Веры Навіцкай на беларускай мове “Добра жыць на свеце”, у 2018 годзе – дзіцячая кніга Марыі Канапніцкай “Ад зімы да лета”, сёлета – “Я сумавала па вучобе. Дзіцячыя і школьныя гады Альжбеты Табенскай з-пад Васілішак. Успаміны”. Тут змешчаны першыя два раздзелы кнігі “З долі і няволі. Успаміны выгнанкі”, выдадзенай у Кракаве ў 1897 годзе.
Прадстаўляючы кніжачку, рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік звярнуў увагу прысутных на адну фразу: “… Шануйце час, як рэч найдаражэйшую, бо за кожную хвілю маем здаць справаздачу перад Богам, і з кожнай хвіляй жыццё наша праходзіць, а чалавек ёсць панам толькі гэтай хвілі. Хвіля, якая прыйдзе, – няпэўная, а якая прайшла – не вернецца”. Што зроблена сёння, тое і зроблена. Дарэчы, на 32 старонках кніжачкі шмат цікавай інфармацыі. Да прыкладу, згадана кніга Камілы Нарбут “Мечыслаў і Стэфанія”. Кнігі гэтай няма ў Інтэрнеце, нават згадкі пра яе няма. А гэта твор беларускай польскамоўнай літаратуры часоў Міцкевіча. Сама Альжбета Табенская – удзельніца паўстання 1863 года, старэйшая сястра знакамітай Антаніны Табенскай.
На заканчэнне імпрэзы быў абвешчаны чарговы пяты конкурс, на які ўсіх і запрашаем. Конкурс усё ж міжрэгіянальны.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда