У Лідзе падвялі вынікі літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай
У Цэнтральнай лідскай раённай бібліятэцы падвялі вынікі літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”. Конкурс праводзіўся ўжо ў другі раз і носіць імя вядомай дзіцячай пісьменніцы і мецэната, дырэктара жаночай гімназіі, якая працавала ў Лідзе ў 1908 – 1915 гадах. Да конкурсу на працягу года прымаліся творы дарослых аўтараў пра дзяцей і для дзяцей. Па словах сябра журы – паэта Станіслава Судніка, мэтай конкурсу з’яўляецца выхаванне беларускасці.
– Любы народ пачынаецца з дзяцей. Колькі мы ўкладзём у дзяцей, столькі будзем мець на выхадзе. Чым больш укласці беларускасці ў нашых беларускіх дзяцей, тым больш можам і чакаць ад іх. Такім чынам быў прыдуманы гэты конкурс. І калі пазалетась бралі ўдзел 9 аўтараў, то сёлета ў нас ужо 27 аўтараў.
Тры першыя прэміі конкурса атрымалі Святлана Цішук, Ганна Рэлікоўская і Уладзімір Васько, шэраг іншых канкурсантаў атрымалі памятныя дыпломы.
На пачатку наступнага года ў Лідзе будзе аб’яўлены наступны – ІІІ літаратурны конкурс імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.
[Not a valid template]
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя