У Лідзе прайшоў фестываль LIDBEER 2019



У Лідзе пяты раз прайшоў фестываль LIDBEER 2019. Цэнтр горада, які называюць сталіцай беларускага піваварэння, на адзін дзень пераўтварыўся ў адну суцэльную фестывальную пляцоўку. У ім прынялі ўдзел каля 100 тысяч жыхароў ды гасцей з Беларусі і замежжа.

Акрамя галоўнай фестывальнай сцэны, на якой выступілі такія гурты як Akute, Сплин і ЧАЙФ, удзельнікам фестывалю былі прадастаўлены вялізныя па сваёй плошчы фудкорты, каля 200 кропак харчавання, экскурсіі на лідскі піўзавод, вуліца рамеснікаў, а таксама разнастайныя гульні, забавы і атракцыі для дарослых і дзяцей.

Сваімі ўражаннямі ад фестывалю LIDBEER падзяліўся ўдзельнік гурта Akute Раман Жыгараў:

– Па-першае, мы бачылі адкрыццё помніка Гедыміну ў Лідзе. Па-другое, мы пахадзілі па Лідзе, паглядзелі наколькі гэта класнае месца. Акрамя таго, што гэта проста прыгожы старажытны беларускі горад, то гэта яшчэ і горад, дзе замак знаходзіцца ў самім горадзе – гэта вельмі крута.  Само адчуванне фестывалю, які праводзіцца, гэта вельмі прыкольна.

Адначасова з фестывалем LIDBEER у Лідзе праходзіў рыцарскі фестываль “Меч Лідскага замка”. А каля паўночнай сцяны самога замка ў рамках святкавання Дня гораду і 696-х угодкаў яго заснавання быў урачыста адкрыты помнік князю Вялікага Княства Літоўскага Гедыміну.

Беларускае Радыё Рацыя