У Лідзе прэзентавалі “Маламажэйкаўскую царкву” Лявона Лаўрэша



У Лідзе прайшла прэзентацыя кнігі Лявона Лаўрэша “Маламажэйкаўская царква”. Першая яе прэзентацыя адбылася ў Гародні. А зараз аўтар вырашыў прадставіць яе і ў сваім родным горадзе.

Грунтуючыся на шматлікіх друкаваных і архіўных матэрыялах, аўтар у форме гістарычнага нарыса распавядае пра шматсотгадовую гісторыю аднаго з самых унікальных храмаў Беларусі – Маламажэйкаўскай, ці як яе яшчэ інакш называюць, Мураванкаўскай царквы, якая стаіць на мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.

– Кніга пра царкву, якой 500 гадоў.  Гэта беларуская готыка, наш гонар і слава. Царква мае вельмі цікавую гісторыю. Яна ўсё бачыла – і славу мірскую, як кажуць, і войны, і нашэсці. Яна ўсё перажыла. І дзякуй Богу, цяпер ізноў працуе. Спадзяюся, што кніга будзе запатрабаваная турыстамі, экскурсаводамі, аматарамі нашай гісторыі.

Леанід Лаўрэш – даследчык і адміністратар гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net. Аўтар шматлікіх артыкулаў і кніг, прысвечаных гісторыі Лідчыны і прыродазнаўчых навук. “Маламажэйкаўская царква” – стала восьмай кнігай Лявона Лаўрэша. Зараз аўтар рыхтуе да выхаду чарговае выданне па гісторыі Ліды.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара